Падручнік для 10-11 класаў агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання. — Несцяровіч В.І., Васюковіч Л.С., Арцямёнак Г.А., Злобін Л.І., Марозава Я.Н. — Мінск: Народна асвета, 1999. — 271 с.
Курс беларускай мовы ў 10- 11-х класах лагічна завяршае пачатае ў 5-м класе яе вывучэнне. Асноўныя пытанні фанетыкі, арфаэпіі, графікі, арфаграфіі, лексікі, фразеалогіі, словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу вывучаліся ў 5-9-х класах у адпаведных раздзелах; у 10-11-х класах навуковыя звесткі па адзначаных раздзелах будуць істотна пашыраны. Акрамя таго, уводзіцца асобная тэма - «Маўленне».
Знешне, лінгвістычнай часткай, курс падобны да традыцыйнага выкладу. І гэта невыпадкова, паколькі напачатку патрэбна асэнсаваць законы мовы, атрымаць арфаэпічныя і арфаграфічныя навыкі, навучыцца карыстацца лексічнымі, фразеалагічнымі, граматычнымі нормамі беларускай літаратурнай мовы. Аднак, каб авалодаць беларускай літаратурнай мовай, свабодна ёю карыстацца - іменна гэта з'яўляецца асноўнай задачай вывучэння школьнага курса,- недастаткова ведаць тэарэтычны матэрыял або ўмець аналізаваць моўныя з'явы ў тэксце, рабіць граматычныя разборы і г. д. Варта навучыцца карыстацца моваю ўсвядомлена і мэтанакіравана, а гэта значыць, трэба атрымаць навыкі мэтазгоднага падбору і выкарыстання адпаведных жыццёвым сітуацыям моўных сродкаў. З гэтай прычыны курс беларускай мовы ў 10-11-х класах ставіць наступныя асноўныя мэты:
асэнсаваць законы і нормы беларускай літаратурнай мовы;
засвоіць асноўныя лінгвістычныя звесткі пра фанетычную сістэму, слоўнікавы склад і граматычны лад беларускай мовы;
навучыцца правільна і мэтанакіравана падбіраць моўныя сродкі для поўнага і дакладнага выражэння сваіх думак;
навучыцца якасна ўспрымаць чужыя тэксты і самастойна ствараць тэксты, адпаведныя разнастайным жыццёвым сітуацыям.
В курсе беларускай мовы для 10- 11-х класаў выдзяляюцца «Уводзіны», «Маўленне» і наступныя раздзелы: фанетыка, арфаэпія, графіка, арфаграфія, лексіка, фразеалогія, марфеміка, словаўтварэнне, марфалогія, сінтаксіс.